Выстава Мацвея Басава «Жывапіс савецкага перыяду»

9 снежня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі адбудзецца адкрыццё выставы Мацвея Басава «Жывапіс савецкага перыяду». 

Прарок. 1991. Палатно, алей. 60х80

Прарок. 1991. Палатно, алей. 60х80

Мацвей Басаў

Нарадзіўся 14 чэрвеня 1950 года ў г. Мінску, Беларусь. Вучыўся ў дзіцячай мастацкай студыі Сяргея Пятровіча Каткова (1956–1963), Рэспубліканскай мастацкай школе (1963–1967), Мінскім мастацкім вучылішчы імя Аляксея Канстанцінавіча Глебава (1967–1971). У 1964 годзе Мацвей атрымаў бронзавы медаль на міжнародным конкурсе дзіцячага малюнка ў Італіі. З 1988 года – член Саюза мастакоў БССР. З 1981 па 2015 год прыняў удзел больш чым у 150 рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставах у Аўстрыі, Беларусі, Бельгіі, Германіі, Галандыі, Даніі, Канадзе, Літве, Польшчы, Расіі, ЗША, Украіне, Францыі, Швейцарыі, Эстоніі.

Працы знаходзяцца ў калекцыях Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, музеі Марка Шагала ў Віцебску, музеі гісторыі Магілёва, Zimmerly Art Museum of New-Brunswik (ЗША), Музеі Іудаікі ў Нью-Ёрку (ЗША), Музеі сучаснага рускага мастацтва Джэрсі Сіці (ЗША), мастацкіх галерэях і прыватных калекцыях Аўстрыі (Лінц), Аўстраліі, Бельгіі, Германіі (Кёльн), Галандыі, Ізраіля, Іспаніі, Літвы, ЗША (калекцыя Рычарда Ротшыльда Джэрсі Сіці, калекцыя J. Liberman Нью-Ёрк, Сан-Францыска, Чыкага, Філадэльфія, Вашынгтон), Эстоніі (Талін).

Жывапіс савецкага перыяду

Ідэя паказаць працы, створаныя ў мінулым стагоддзі і маркіраваныя часавымі рамкамі «савецкі перыяд», з’явілася даўно. Стала неабходным раскрыць і пераасэнсаваць «мастацкія архівы» амаль паўвекавога перыяду творчасці мастака і паказаць іх гледачу. Работы, якія ўвайшлі ў экспазіцыю выставы (больш за 50, 1960 – пачатак 1990-х гг.), будуць паказаны ў Мінску ўпершыню. Гэты ўнікальны праект выбудоўвае этапы станаўлення і развіцця мастака. Прадстаўленыя работы пазбаўлены стылявога, жанравага і фармальнага адзінства – іх аб’ядноўвае канцэптуальны, ідэйны пачатак. Так, творы мастака з’яўляюцца вынікам узаемадзеяння чалавека са «сваім часам» і ў часе.

Палотны Басава напоўнены ўяўнымі і рэальнымі вобразамі, сюжэтамі. Яны здзяйсняюць свой круг ператварэнняў і інтэрпрэтацый. «Жывапіс мігцення», – кажа Мацвей Басаў. Аўтар быццам выбудоўвае сваю прастору. Як асколкі і абрыўкі рэальнасці з’яўляюцца часткі неабсяжнай, бясконцай і разумнай гісторыі мастака – «мая праца заснавана на пачуццях, інтуіцыі; калі пачынаюкарціну, то ў мяне няма дакладных планаў, пішу тое, што падказвае маё сэрца, душа і што навеяла прырода». Тут становіцца важным і сам знойдзены вобраз, і яго асобныя фрагменты. Памятаеце, як у Шагала, камбінаванне рэальных абъектаў з фантастычнымі, выдуманымі. «Слізгаценне, што захапляе дух, міма пэўнай ісціны, ідэі, характару…» (К. Леві-Строс). Не пачуццё, але прадугадванне, не падзея, але яе адчуванне…

Трывога. 1991. Палатно, алей. 70х50

Трывога. 1991. Палатно, алей. 70х50

Мастак стварае сваю ўласную, адначасова ўнікальную і ўніверсальную мову апавядання, зразумелую многім. Яго эмацыянальна-пачуццёвая прырода становіцца ядром вобразнай структуры жывапіснага твора. Аднак у той жа час гледачу даецца магчымасць скарыстацца наборам сваіх «ключоў» да прачытання твора, выбудаваць сваю інтэрпрэтацыю міфалагічнага свету аўтара.

Мастацтва мастака нясе ў сабе складаны і глыбокі змест, з’яўляючыся адначасова спосабам адлюстравання і ўключэння ў тое, што адбываецца вакол. Фігуры людзей, дыялогі святых, пейзажы і амаль абстрактныя ландшафты – гэты свет паўстае нейкім прывідным і трывожным успамінам пра эпоху. Эпоху, якая незваротна адышла, пакінуўшы перавернутыя назад лёсы, бездань гора, надзеі, якія спраўдзіліся і засталіся няздзейсненымі, памяць і забыццё, бязлітасна выкрыкнуўшы наўздагон аб тым, што свет ніколі больш не будзе ранейшым.

Вольга Рыбчынская, арт-крытык


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology